Намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы даручыў забяспечыць строгі кантроль за рэалізацыяй лесапрадукцыі (пілапрадукцыі) на ўнутраным і знешнім рынках. Аб гэтым ён заявіў у час рабочай нарады ў Міністэрстве лясной гаспадаркі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінлясгаса.
На думку віцэ-прэм’ера, адным з прыярытэтных напрамкаў работы Мінлясгаса павінна стаць распрацоўка электроннай сістэмы ўліку драўніны.
Першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік адзначыў, што ў галіне склалася даволі напружаная сітуацыя. Гэта звязана перш за ўсё з выяўленымі парушэннямі ў рабоце асобных лясгасаў па пастаўках прадукцыі на экспарт. Спецыялісты міністэрства наведалі гэтыя лясгасы, сабралі ўсю неабходную дакументацыю, каб дэталёва прааналізаваць іх работу. Пры гэтым адной з ключавых задач з’яўляецца распрацоўка плана мерапрыемстваў па прадухіленні такіх сітуацый. «У самыя кароткія тэрміны нам неабходна распрацаваць механізм кантролю цэн і памераў, па якіх могуць выстаўляцца лоты», — падкрэсліў першы намеснік міністра.
У сваю чаргу намеснік міністра лясной гаспадаркі Леанід Дзям’янік прапанаваў змяніць падыход да адгрузкі прадукцыі. Напрыклад, у выпадку адсутнасці прадстаўніка кампаніі-пакупніка пры адгрузцы тавару на экспарт праводзіць гэту працэдуру выключна камісійна (у склад камісіі павінны ўваходзіць не менш як тры чалавекі) са складаннем адпаведнай дакументацыі з пазначэннем падрабязных характарыстык прадукцыі. У выпадку ўзнікнення рознагалоссяў паміж прадаўцом (грузаадпраўшчыкам) і пакупніком для вырашэння спрэчак павінна прыцягвацца незалежная экспертная арганізацыя (БелГПП і інш.).
На нарадзе былі таксама заслуханы справаздачы кіраўнікоў лясгасаў і ДВЛГА, дырэктара УП «Беллесэкспарт» аб дзеючых механізмах паставак прадукцыі. Удзел у рабочай нарадзе таксама прынялі прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю.