15 лістапада 2017 г. на базе рэспубліканскага цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў лясной гаспадаркі адбудзецца рэспубліканскі семінар-нарада з маладымі спецыялістамі «Лес-моладзь-будучыня». У ім возьмуць удзел больш за 120 работнікаў галіны.
Па традыцыі адкрые рэспубліканскі семінар-нараду Міністр лясной гаспадаркі. Міхаіл Амельяновіч пагутарыць з маладымі спецыялістамі і ўручыць ім памятныя сувеніры. Пасля гэтага перад удзельнікамі семінара-нарады выступяць спецыялісты Мінлясгаса, якія раскажуць пра вядзенне лясной гаспадаркі на сучасным этапе, асаблівасцях лесанарыхтоўчых работ, дрэваапрацоўкі і пабочнага лесакарыстання. Таксама маладыя спецыялісты змогуць пазнаёміцца з гісторыяй развіцця лесаўпарадкавання ў краіне, даведацца аб асноўных задачах і дасягненнях лясной навукі на сучасным этапе, вывучыць шляхі развіцця лясгасаў Магілёўскага ДВЛГА.
Акрамя таго, удзельнікам форуму раскажуць пра сацыяльныя гарантыі маладым спецыялістам і пазнаёмяць з дзейнасцю Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насенняводчага цэнтра.
ДАВЕДКА. У 2017 годзе ў арганізацыі Мінлясгаса прыйшлі працаваць 345 выпускнікоў ВНУ і ССНУ. З іх 143 спецыялісты — выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў, 202 -сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Штогод Міністэрства лясной гаспадаркі і Беларускі прафсаюз работнікаў лесу і прыродакарыстання арганізуюць форум «Лес-Моладзь-Будучыня», у рамках якога маладыя спецыялісты атрымліваюць магчымасць сустрэцца з кіраўніцтвам галіны і абмеркаваць з ім найбольш важныя пытанні, звязаныя са сваёй працай і ўладкаваннем на месцах.