Пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, праз два месяцы, быў утвораны Пінскі лясгас, пра што сведчаць першыя загады і дакументы з датай 12.11.1939 года, таму гэтую дату варта лічыць днём утварэння Пінскага лясгаса.
Першапачаткова ў склад лясгаса ўваходзілі дзяржаўныя лясы былых польскіх лясніцтваў, а таксама нацыяналізаваныя лясы, якія належалі прыватным лесаўладальнікам. Першапачатковая плошча лясгаса складала 41,9 тыс. га. У склад яго ўваходзіла 5 лясніцтваў: Жытнавіцкае, Жолкінскае, Завышанскае, Парахонскае і Юхнавіцкае.У перыяд Вялікай Айчыннай вайны ўсе дакументы і матэрыялы лясгаса былі знішчаны. Другі раз Пінскі лясгас быў адноўлены ў ліпені 1944 года шляхам умацавання былых лясніцтваў і арганізацыі новай сістэмы лясной аховы.
З моманту ўтварэння савецкага лясгаса з 1939 па 1941 гады кантора яго знаходзілася ў в. Вышавічы Пінскага раёна. Пасля вайны кантора лясгаса знаходзілася на вуліцы Чыгуначнай у невялікім доміку (вуглавы дом на скрыжаванні вуліц Чыгуначнай і Палескай насупраць «Белвторчармет»). Як устаноўлена з загадаў па Пінскаму лясгасу будаўніцтва новай канторы па вуліцы Шубітыдзе, раней Бочкавай, у г.Пінску, у якой на сённяшні дзень і працуе лясгас, пачалося ў 1949 годзе, а скончылася і ўведзена ў эксплуатацыю ў 1950 годзе. Пасля будаўніцтва канторы, да 1954 г, у ёй знаходзілася Пінскае абласное ўпраўленне лясной гаспадаркі, пасля ліквідацыі якога і пераносу ў г. Брэст, дадзены будынак стаў канторай Пінскага лясгаса.
Сёння калектывам Пінскага лясгаса, што налічвае без малога 400 чалавек, кіруе вопытны дырэктар, які вучыўся лясной спецыяльнасці ў Беларускім тэхналагічным інстытуце імя Сяргея Міронавіча Кірава – Мініч Уладзімір Віктаравіч. Уладзімір Віктаравіч пачаў сваю працоўную дзейнасць у Лунінецкім лясгасе ў 1978 годзе на пасадзе старшага інжынера па лесанарыхтоўках, у 1985 годзе быў пераведзены на пасаду першага намесніка дырэктара – галоўным ляснічым Лунінецкага лясгаса. У дадзенай пасадзе ён адпрацаваў 16 гадоў і быў пераведзены ў 2001 годзе на пасаду дырэктара ДЛГУ «Пінскі лясгас».